Цывілізаваная грамадскасць напружана сочыць за намаганнямі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа спыніць вайну паміж Украінай і Расеяй. Але пакуль размова ідзе толькі пра кароткатэрміновае спыненне агню. Таму што для Украіны непрымальныя патрабаванні краіны-агрэсара Расеі.
Мы абмяркавалі чаканыя і магчымыя вынікі гэтых перамоў з Госцем Рацыі палітолагам Змітром Балкунцом.
РР: Перамовы паміж Украінай і Расеяй у кантэксце вайны, якая працягваецца з 2014 года, застаюцца надзвычай складанымі і няпэўнымі. Што дадуць перамовы пра кароткатэрміновае спыненне вагню?
Зміцер Балкунец: Калі агонь будзе спынены, людзі перастануць гінуць. Таму што тэрыторыі можна вярнуць, маёмасць, але жыцці людзей нельга. Гэта павінна быць першай падзеяй на шляху спынення вайны. А потым яны на розных пляцоўках абмяркоўваць, дамаўляцца, знаходзяць нейкія кампрамісы, як гэта ўсё спыніць і скончыць.
Зразумела, што Украіна на сённяшні дзень не мае магчымасці вярнуць тэрыторыю, якую страціла. У іх няма дастатковай колькасці зброі, і тая дапамога, якая аказваецца з боку Захаду, яна не дастатковая. Украіна сёння ў цяжкім стане знаходзіцца. Калі нават паглядзець на прыклад Фінляндыі, якая страціла 10% сваёй тэрыторыі, але захавала сваю незалежнасць і стала перспектыўнай і паспяховай краінай.
Калі гэтае спыненне прывядзе да далейшых крокаў, каб гэтая вайна не пачалася зноў, калі там Пуцін ці нехта іншы не вырашыць, што трэба граніцы далей мяняць. Тут трэба разумець, што тактыка Пуціна у тым, каб зрабіць нейкі рэванш Савецкага Саюза. Мне здаецца, што ён вельмі балюча ўспрыняў паразу савецкай імперыі ў халоднай вайне. І зараз Пуцін жадае зрабіць рэванш. Ён жадае кантраляваць постсавецкія краіны, і Украіна ў гэтую зону яго інтарэсаў уваходзіць, таксама як і Беларусь, Казахстан, Каўказкі рэгіён.
Цяперашняя адміністрацыя Злучаных Штатаў, якая зараз прыйшла, часткова падзяляе гэтыя погляды, у тым ліку ў адносінах да Беларусі, часткова да Украіны. Пазіцыя Трампа яна ж бачная. Ён кажа пра Крым і г.д. Пуцін будзе далей спрабаваць даціснуць Трампа і дамагчыся сваіх нейкіх мэтаў у гэтай вайне, якую ён зараз вядзе супраць Украіны. Але галоўнае пытанне – калі нават гэтая вайна будзе часова спынена, што адбудзецца далей, што будзе з’яўляцца гарантыяй таго, што Пуцін зноў такую вайну не пачне і не толькі супраць Украіны, напрыклад, супраць іншых краін.
РР: Мне здаецца, што гэтае часовае спыненне агню не вырашыць канфлікт. Што вы думаеце на гэты конт?
Зміцер Балкунец: Я лічу, што часовае спыненне агню, калі бакі дамаўляюцца, што вайну трэба стратэгічна спыняць, але ёсць некаторыя рознагалоссі. Сёння гэтыя рознагалоссі немагчыма вырашыць. Спыненне агню, я лічу, гэта магчымасць дзеля таго, каб вайну цалкам спыніць.
Як вайну можна выйграць? Калі адзін бок нейкія свае мэты выканае, ці другі бок. А калі яны не могуць, ні адзін, ні другі, чагосьці дамагчыся. Тое, што трэці год вядзецца такая актыўная фаза баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны паказвае, што ні адзін з бакоў не плануе хутка скончыць гэтую вайну. І гэта вельмі негатыўна адбіваецца на Украіне, таму што яна страчвае моладзь, мужчын, і гэта будзе мець гістарычныя наступствы для дэмаграфіі Украіны. І многія з тых, хто з’ехаў, не будуць вяртацца.
Прапановы Трампа пра спыненне вайны, якія ён зараз паставіў сваёй мэтай, з’яўляецца пазітыўным крокам. Я бачу, што нават еўрапейскія краіны таксама стаміліся ад гэтай вайны і ўсе жадаюць гэтую вайну скончыць.
Цалкам размова:
Паводле Зміцера Балкунца, рэальны мір магчымы толькі пры радыкальнай змене геапалітычных умоў (напрыклад, распад Расеі або яе поўная ізаляцыя). Пакуль жа вайна застаецца “спалучэннем баявых дзеянняў і дыпламатыі”.