18.12.2023

Фёдараў Анатоль: Палітычныя пасьянсы

Адной з найбольш улюблёных гульняў цякучага часу зьяўляецца раскладваньне пасьянсаў палітычнымі гульцамі, якія прывялі бы іх да жаданых вынікаў. Як правіла, разглядаюцца такія варыянты: стварэньне масавых рухаў, групаў падпольля на тэрыторыі Беларусі, стаўка на йнфапойнт, на  зьнешнія сілы й падтрымку, на розныя палітычныя кунштукі й канфігурацыі, на тое, што рэжым  сам  рухне (найбольш выразна праявілая ў апошняй стратэгіі “дэмсілаў”) і г. д. Практычна ўсе яны міфічныя, бо ня маюць пад сабой ніякага грунту й сьведчаць аб няздольнасьці гульцоў выпрацаваць рэалістычную праграму дзеяньняў . Разгледзім некаторыя  з гэтых пасьянсаў.
1. Стварэньне масавых рухаў
Відавочна, што ва ўмовах тэрарыстычнага рэжыму й падтрымкі яго з боку Расеі, аб стварэньні нейкіх масавых рухаў не прыходзіцца гаварыць. Немагчыма стварыць іх і ў замежжы, ва ўмовах суб’ектыўнай і аб’ектыўнай разьяднанасьці беларусаў (сацыяльнай, ідэйнай, грамадзка-палітычнай, тэрытарыяльнай), падаючай іх актыўнасьці, разачараванасьці, сацыяльнай неўладкаванасьці. Але цалкам магчыма стварыць віртуяльныя  рухі, як і віртуяльныя  “дэмсілы”, калі рэальныя суб’екты  непатрэбныя.
2. Замарожанае падпольле
Стварэньне эфэктыўнага падпольля ў сучасных умовах зьяўляецца вельмі складанай і амаль невырашальнай задачай. Гэта адносіцца й да яго замарожаных варыянтаў. У сувязі з чым,  і хутчэй за ўсё, усе гэтыя варыянты акажуцца вельмі небясьпечнымі й малаэфэктыўнымі. Небясьпечнымі для  непадрыхтаваных людзей і для краіны , бо падштурхнуць рэжым яшчэ далей у абдымкі Расеі.
3. Інфапойнт
У дзейнасьці сёньняшніх “дэмсілаў” усё больш выразна адбываецца падмена грамадзка-палітычнай дзейнасьці мэдыйнай, стварэньне мэдыйных бурбалак, інфапойнтаў і інш. Актыўнасьць у мэдыя становіцца такім чынам сынонімам палітычнай і грамадзкай актыўнасьці й пераўтвараецца ў асноўны фронт барацьбы. Нецяжка зраумець, што такая барацьба толькі забаўляе рэжым.
4. Падмена суб’ектнасьці
Адной з асноўных  і гэнэтычных хібаў сёньняшніх “дэмсілаў” зьяўляецца адсутнасьць у іх палітычнай суб’ектнасьці, што параджае ймкненьне  атрымаць яе сумніўным шляхам (за кошт чынных зьнешніх сустрэчаў, рэзалюцыяў у сваю падтрымку, стварэньнем палітычных групаў з удзелам замежных палітыкаў і інш.). Відавочна, што гэта не вырашае праблему суб’ектнасьці, а прыводзіць  к яе падмене, паколькі рэальным суб’ектам у дачыненьнях з рэжымам становяцца ў такім выпадку зьнешнія сілы, а не “дэмсілы”. Найбольш выразна гэта праяўляецца ў пытаньнях увядзеньня санкцыяў, вызваленьня палітзьняволеных, прыцягненьня злачынцаў да адказнасьці й інш. Ва ўсіх выпадках адбываецца перакладваньне беларускіх праблемаў на іншыя плечы, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі, калі вырашаюцца не беларускія праблемы, а рэалізуюцца зусім іншыя йнтарэсы.
5. Данайскія дарункі
Як сьведчыць досьвед  папярэдніх гадоў, усе  зьнешнія  дарункі  для беларускай апазыцыі заўсёды прыводзілі  толькі да вельмі нэгатыўных  наступстваў. Бо разам  з дарункамі прыходзілі  й ладункі да іх: рознага кшталту прайдзісьветы, якія знаходзілі такіх жа прайдзісьветаў у Беларусі. У выніку рэальны грамадзка-палітычны працэс актыўна разбураўся, а штучны й імітацыйны  - разрастаўся.  Тое ж адбываецца  й сёньня, калі сумы “дарункаў” пераўтвараюцца ў сумы на рахунках, а ймітацыя становіцца ассноўнай сутнасьцю барацьбы.
6. Палітычнае  музыцыраваньне
Ня маючы магчымасьці ўплываць на сытуацыю ў Беларусі, палітычныя гульцы прыбягаюць  і к іншым мудрагелістым пасьянсам, каб падвысіць свае шанцы: ствараюць квазыўладныя структуры, арганізоўваюць бессэнсоўныя кампаніі, праводзяць “стратэгічныя”  гульні, падпісваюць “гістарычныя” пагадненьні, пішуць грандыёзныя  праграмы й інш. У выніку зьмяняюцца толькі шанцы гульцоў, эфэктыўнасьць жа іх дзеяньняў  ад гэтага не зьмяняецца й застаецца нулявой (“бо Вы, сябры, як не садзіцеся...”).
Фёдараў Анатоль 
 

Еще по теме:

Побег на Украину. Как легально сбежать из тоталитарного государства на автомобиле
10.12.2021
Эпидемия коронавируса, всячески отрицаемая Лукашенко, стала поводом для ограничения прав белорусов и фактического введения выездной визы. Теперь, что бы уехать из Беларуси придется пойти на массу ухищрений.
За машиной в Беларусь: россияне массово опустошают белорусские автосалоны
26.11.2021
Эпидемия COVID-19, беснующаяся уже второй год подряд, перевернула с ног на голову привычные сферы нашей жизни, сделав ранее немыслимое возможным. Оказалось, что автомобили, производимые в РФ, в Беларуси стоят дешевле, чем в России.