Ва ўмовах усталяваньня ў краінах дыктатарскіх і тэрарыстычных рэжымаў, перад іх грамадзтвамі непазьбежна паўстае задача аб пазбаўленьні ад такіх рэжымаў. Як правіла, гэта няпростая задача, якая патрабуе вялізных высілкаў ад грамадтваў. І асабліва гэта няпроста ва ўмовах зьнешняй экспансіі (палітычнай, эканамічнай, ваеннай і інш.) і нарастаючай міжнароднай напружанасьці.
Відавочна, што задачы лёсавызначальнага для краіны характару немагчыма вырашыць толькі на ўзроўні грамадзкіх суб’ектаў. Альберт Энштэйн - сусьветна вядомы фізік-тэарэтык і грамадзкі дзеяч так характарызаваў такія сытуацыі: “Немагчыма вырашыць праблему на тым жа ўзроўні, на якім яна ўзьнікла, патрэбна стаць вышэй гэтай праблемы, падняўшыся на наступны ўзровень”. Несумненна, гэта й аб беларускіх праблемах.
Патрэба больш высокай арганізацыі беларускага грамадзтва, якое ймкнецца да пераменаў, асабліва выразна выявілася пад час пратэстаў 2020 году, калі адсутнасьць такой арганізацыі стала адной з асноўных прычынаў паразы рэвалюцыі. Стыхійна ўзьнікшыя структуры (КР, офіс Ц., НАК і інш.), якія прэтэндавалі на агульнанацыянальныя ролі, не змаглі вырашыць гэтыя задачы, так як ня мелі неабходнай падтрымкі й яснага ўяўленьня сваіх мэтаў і задачаў. Больш таго, хутка сталі фактарам разьяднаньня беларускага грамадзтва, тромбам дэмакратычнага працэсу.
Зважаючы на нелегытымнасьць і калябарцыянісцкую сутнасьць правячага рэжыму й экзыстэнцыальную пагрозу з боку Расеі, перад беларускім грамадзтвам няўмольна паўстала задача па фармаваньню паўнавартасных нацыянальных інстытутаў, якія здольныя былі бы скансалідаваць беларускае грамадзва, выпрацаваць рэалістычны плян дзеяньняў. На жаль, на шляху ажыцьцяўленьня гэтай задачы паўстала сур’ёзная праблема: супраціў з боку згаданых структураў, якія пераўтварыліся ў антыдэмакратычныя карпаратывісцкія структуры. Відавочна, што гэту праблему патрэбна вырашаць, бо коштам яе можа быць лёс краіны.
Найбольш лягічным вырашэньнем гэтай праблемы можа стаць адказны грамадзкі дыялёг і ўтварэньне легытымных нацыянальных інстытутаў. Любыя іншыя памкненьні, накіраваныя на манапалізацыю грамадзка-палітычнага поля, на падтрымку карпаратывісцкіх структураў, на прыход да ўлады пэўных сілаў шляхам змовы з рэжымам ці Расеяй, павінны разглядацца як небясьпечныя й антыдзяржаўныя, і рашуча прадухіляцца. Толькі тады мы зможам вызваліць краіну, выратаваць з турмаў людзей, вярнуцца на Радзіму.
Анатоль Фёдараў